Польскія перавозчыкі зь 9 траўня пачнуць блякаваць пад’езд да адзінага грузавога пункту пропуску на мяжы зь Беларусьсю
Польскія перавозчыкі зь 9 траўня пачнуць блякаваць рух фур праз памежны пераход «Карошчын — Казловічы» на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта са спасылкай на газэту Rzeczpospolita паведамляе zerklo. io
Гэтак польскія транспартнікі хочуць выказаць сваю нязгоду з «захопам рынку аўтамабільных грузаперавозак на ўсход беларускімі і расейскімі кампаніямі». Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпам зь беларускай і расейскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасьць беларускіх і расейскіх кампаній пад польскім прыкрыцьцём і абмежаваць ільготы для ўкраінскіх перавозчыкаў.
Блякада тэрміналу «Карошчын» пачнецца а 13.00 па менскім часе. Дазвол на пратэст мясцовыя ўлады ім выдалі да 9 чэрвеня.
Аналягічная акцыя польскіх транспартнікаў 4 траўня стартавала паблізу пункту пропуску «Дарахуск» каля мяжы з Украінай. Там польскія фуры заблякавалі рух і прапускаюць па адной фуры за гадзіну. Гэта прывяло да значнага павелічэньня чаргі і часу прастою.
Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 16.00 8 траўня, у пункце пропуску «Казловічы» выезду ў Польшчу чакаюць 120 фураў.