Старэйшы малодшы брат
Я памыліўся. Яна цягнула яшчэ бясконца доўга: я не пра гістарычны час, а пра адзінае пражыванае чалавекам жыцьцё. Але ўрэшце грымнулася, адышла ў гістарычны асадак, царства ёй падземнае з усімі хтанічнымі кашмарамі! На той час я ўжо жыў у Англіі, якая дала мне неацэнную навуку нацыянальнага і каляніяльнага выцьверажэньня. Але да самага ад’езду з СССР я ўсё роўна цягнуў лямку старэйшага брата. Я гэта адчуваў нават на допытах у КГБ: мяне дакаралі, аспрэчвалі мае літаратурныя прыхільнасьці, але морду ў кроў ня білі, а пасьля ў псыхушку не запіхвалі, не сьціралі ў лягерны пыл, як гэта было прынята рабіць з маімі «малодшымі братамі». А ў Англіі я рэзка памаладзеў і зноў стаў малодшым братам у прамым сэнсе: малодшым братам Валянціна.
У лістападзе 2008 году я прыехаў у Вену на «Дні ўкраінскай літаратуры». Разам з румынам і аўстрыйцам мяне запрасілі як расейскага пісьменьніка, які мае дачыненьне да Ўкраіны. Я выступаў разам з паўтузінам украінскіх пісьменьнікаў і паэтаў. На душы ў мяне было лёгка: мне падабалася роля нацмена. Мне падабалася пачуцьцё гумару ў музы гісторыі Кліё. Дзякуючы яе іроніі ў шэсьдзесят гадоў я зноў адчуў сябе малышом, тым самым, які некалі рос у Забайкальлі і абажаў маму, тату і старэйшага брата Валянціна.
Пераклад: Сяргей Шупа