У аўтамабілі праціўніка завода АКБ знайшлі рэчы, падобныя да патронаў і выбухоўкі
"Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне берасцейскага прадмесця Гершоны", - паведамляе праваабаронца Раман Кісляк.
У аўтамабілі аднаго з праціўнікаў будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода Маісея Мазько знайшлі рэчы, падобныя да патронаў і выбухоўкі. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі Telegram- і Viber-каналаў праціўнікаў завода.
„Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне берасцейскага прадмесця Гершоны”, – паведамляе праваабаронца Раман Кісляк, які зараз знаходзіцца на месцы здарэння і разам з актывістамі сочыць за дзеяннямі следчых:
– Заканчваецца агляд, пакуюцца знойдзеныя і канфіскаваныя прадметы. Быў знойдзены чорны цэлафанавы пакет, у якім знаходзіліся прадметы, якія візуальна падобныя да дробнакаліберных патронаў. І прадмет, падобны да выбухоўкі. Яны ў Маісея Мазько былі знойдзеныя ў аўтамабілі. У 15.30 яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, пачалі шукаць. Сказалі, давайце праверым нумары, там і там глядзелі. Сказалі, давайце паглядзім у гэтым месцы, менавіта ў месцы, дзе рэмень бяспекі пасажырскага сядзення. У мяне склалася ўражанне, што яны ведалі, дзе глядзець. Бо ён увогуле не ведае, адкуль гэта. Магчыма, гэта падкінулі альбо самі супрацоўнікі ДАІ, альбо напярэдадні.
Акрамя праваабаронцаў за сітуацыяй сочаць і самі актывісты з ліку праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ. Яны аператыўна прыбылі на месца здарэння, каб фіксаваць усе дзеянні ДАІ і следчых. Некаторыя з іх выказваюць меркаванне пра тое што гэта імаверна правакацыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: скрыншот з відэа