Да 2023 хочуць запусціць новы беларуска-расейскі спадарожнік
Спадарожнік з космасу будзе распазнаваць прадметы на Зямлі памерам ад 35 сантыметраў.
Як паведаміў на сустрэчы з журналістамі намеснік дырэктара прадпрыемства „Геаінфармацыйныя сістэмы” Барыс Чарнуха, спадарожнік з космасу будзе распазнаваць прадметы на Зямлі памерам ад 35 сантыметраў. Паводле навукоўца, спадарожнік наблізіцца да лепшых сусветных аналагаў – серыі спадарожнікаў WorldView амерыканскага камерцыйнага аператара Digital Globe.
Кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Пётр Віцязь кажа, што спадарожнік будзе незаменным інструментам для айчынных і замежных спажыўцоў:
– Ён дазваляе больш дэталёва разгледзець тыя рэчы, якія сёння не бачна. Перадусім гэта для картаграфіі, для будаўніцтва гарадоў, для будаўніцтва дарог, для дзяржмаёмасці. Гэта вельмі важна для дакладнага земляробства, для лясной гаспадаркі, бо лясы хварэюць і трэба сваечасова выяўляць заражэнні і г. д. Такіх праектаў дзясяткі, якія дазволяць больш аператыўна вырашаць пытанні з большай дакладнасцю.
Першы запуск беларускага спадарожніка ў 2006 годзе скончыўся няўдачай – адказала ракета-носьбіт. У 2012 годзе на арбіту вывелі спадарожнік, які служыць і да сёння, хаця тэрмін яго работы быў разлічаны на 5 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя