Мінфін значна павялічыў аб’ёмы валютных запазычанняў на ўнутраным рынку
Валютныя запазычанні на ўнутраным рынку Мінфін прыцягвае для рэфінансавання плацяжоў па дзярждоўгу.
Міністэрства фінансаў Беларусі значна павялічыла аб’ёмы валютных запазычанняў на ўнутраным рынку ў адсутнасць сёмага траншу крэдыту ЕФСР і абяцанага крэдыту Расеі на рэфінансаванне доўгу.
Як вынікае з інфармацыі Мінфіна, з 1 студзеня па 31 мая 2019 года на ўнутраным фінансавым рынку рэалізавана дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацый Рэспублікі Беларусь, намінаваных у замежнай валюце, на суму 420,7 млн долараў ЗША і 70,6 млн еўра.
Гэта больш за гадавы аб’ём, прадугледжаны законам аб рэспубліканскім бюджэце, якім запланавана размяшчэнне ў 2019 годзе на ўнутраным фінансавым рынку дзяржаблігацый на суму 370 млн долараў ЗША ў эквіваленце.
Валютныя запазычанні на ўнутраным рынку Мінфін прыцягвае для рэфінансавання плацяжоў па дзярждоўгу.
Згодна з параметрамі, якія прадугледжвае бюджэт, Беларусі ў 2019 годзе трэба накіраваць на пагашэнне і абслугоўванне дзяржаўнага доўгу каля 8,8 млрд рублёў. Для рэфінансавання плацяжоў па дзярждоўгу Мінфін раней планаваў на знешнім рынку заняць 1,5 млрд долараў, а на ўнутраным (шляхам размяшчэння валютных дзяржаблігацый) — 370 млн долараў.
За студзень—красавік ўлады накіравалі на пагашэнне знешняга дзярждоўгу 588 млн долараў ЗША. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 мая склаў 16,7 млрд долараў, знізіўшыся з пачатку года на 200 млн долараў, або на 1,3%.
Варта адзначыць, што Беларусь чакае канчатковага рашэння Расіі аб выдзяленні крэдыту на 600 млн долараў для рэфінансавання існуючага перад РФ доўгу. „Мы ведаем, што ў бюджэце Расійскай Федэрацыі на гэты год названыя сродкі закладзены, застаецца рашэнне аб іх выдзяленні”, — заявіў журналістам 16 мая ў Мінску намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец. Паводле яго слоў, расійскі бок пакуль не падаў беларускаму праект пагаднення па гэтым запазычанню.
Белкавец падкрэсліў, што ў якасці альтэрнатывы расійскаму крэдыту дзяржорганы разглядаюць магчымасць прыцягнення нязвязанага запазычання ў Кітаі на 500—600 млн долараў.
Між тым, тэрміны разгляду пытання аб выдзяленні Беларусі сёмага траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця таксама зацягваюцца. У 2016—2018 гадах краіна атрымала шэсць траншаў крэдыту на 1,8 млрд долараў. Апошні, сёмы, транш (на 200 млн долараў) беларускія ўлады разлічвалі атрымаць у першым квартале 2019 года.