Створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы да Алімпіяды-2020
Арганізацыйны камітэт па забеспячэнні падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у XXXIІ летніх Алімпійскіх гульнях і XVІ летніх Паралімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа створаны распараджэннем прэм’ер-міністра Сяргея Румаса ад 11 кастрычніка 2019 года нумар 463р.
Старшынёй аргкамітэта назначаны намеснік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка, яго намеснікамі ў аргкамітэце – міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, выконваючы абавязкі першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.
Аргкамітэт упаўнаважаны пры неабходнасці прыцягваць ва ўстаноўленым парадку да работы па забеспячэнні падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у гульнях 2020 года кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, Менскага гарвыканкама, мясцовых адміністрацый раёнаў Менска і іншых арганізацый.
Персанальная адказнасць за забеспячэнне падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у Алімпіядзе-2020 ускладзена на міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука.