Ці выкарыстоўвалася падчас маршу ў Гайнаўцы забароненая сімволіка?
Камісія нацыянальных і этнічных меншасцяў Сейму Польшчы накіруе запыт у Беластоцкую пракуратуру ў справе маршу, які прайшоў 24 лютага 2018 года.
Ці ўдзельнікі трэцяга Маршу „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы прапагандавалі забароненыя ў Польшчы сімвалы?
Камісія нацыянальных і этнічных меншасцяў Сейму Польшчы накіруе запыт у Беластоцкую пракуратуру ў справе маршу ў Гайнаўцы, які прайшоў 24 лютага 2018 года.
Такое рашэнне было прынятае на апошнім паседжанні камісіі з удзелам заступніка грамадзянскіх правоў у Польшчы Адама Боднара. Амбудсмен паведаміў, што пасля згаданага маршу была накіраваная скарга ў Беластоцкую пракуратуру.
– Паводле суда, пры ацэнцы прыкметаў злачынства – публічнага закліку да нянавісці і прапагандавання расізму і фашысцкага рэжыму, пракурор абмінуў важныя ў справе – канфесійны, грамадскі і этнічны кантэксты. Не прыняў да ўвагі сярод іншага характарыстыкі месца дэманстрацыі. Тое, што яна праходзіла ў шматэтнічнай і шматканфесійнай Гайнаўцы. Таксама выразнага навязвання постаці „Бурага”. І, на думку суда, пракурор дапусціў недагляд, адмовіўшыся ад дапамогі спецыялістаў у высвятленні значэнняў, прыпісананых сімвалам „кельтскага крыжа” і „чэрэпу Totenkopf” з упісанымі ў трохвугольнік літарамі СВО (смерць ворагам Айчыны).
На гэтае рашэнне таксама бюро амбудсмена склала скаргу, справа трапіла ў суд, які вярнуў справу на разгляд ізноў у Беластоцкую пракуратуру ў снежні 2018 года. З гэтай пары справа маршу ў Гайнаўцы не разгледжаная. Сябра камісіі нацыянальных меншасцяў Яўген Чыквін паведаміў, што накіруе запыт пра вынік расследавання ў Беластоцкую пракуратуру, а таксама ў Генеральную пракуратуру.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя