Алесь Зарэмбюк: Польшча ўжо прыняла некалькі пацярпелых з Беларусі
З панядзелка польскія консульствы ў Беларусі пачнуць выдачу віз у такім жа рэжыме, які быў да абвяшчэння пандэміі каронавіруса.
Польшча адчыняе межы для Беларусаў. Як паведаміў нашаму радыё дэпутат польскага Сойму ад Грамадзянскай Платформы Робэрт Тышкевіч, з панядзелка польскія консульствы ў Беларусі пачнуць выдачу віз у такім жа рэжыме, які быў да абвяшчэння пандэміі каронавіруса.
Як паведаміў старшыня Фонду Беларускі Дом у Варшаве Алесь Зарэмбюк, дапамогай Польшчы ўжо скарысталіся першыя пацярпелыя падчас пратэстаў беларусы.
– Мы займаемся каардынацыяй гэтай справы. Прыехала ў Польшчу ўжо каля 10 асобаў. Першыя з іх атрымалі патрэбную медыцынскую дапамогу ў шпіталі Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы. Прайшлі таксама тэсты на каронавірус, якія былі адмоўнымі. Зараз яны едуць на адзін з курортаў у Ніжняй Сілезіі, дзе далей будуць працягваць рэабілітацыю ў адным з санаторыяў.
Сёння, 28 жніўня, міністры замежных спраў ЕЗ дамовіліся аб тым, каб змясціць каля дваццаці высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў у чорны спіс. Хто можа ў ім апынуцца – невядома. Як перадае амерыканскае агенцтва Associated Press, гаворка ідзе пра людзей, якіх падазраюць у фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта і ціску на пратэстуючых.
Беларускае Радыё Рацыя