Быў рэктарам Віленскага ўніверсітэта
Да 230-годдзя доктара медыцынскіх навук, прафесара Венцаслава Пелікана.
11 верасня споўнілася 230 гадоў з дня нараджэння медыка, грамадскага і палітычнага дзеяча, прафесара і рэктара Віленскага ўніверсітэта (1926-1831) Венцаслава (Вацлава) Пелікана (1790-1873).
Нарадзіўся Венцаслаў Пелікан у Слоніме ў 1790 годзе ў дваранскай сям’і. Бацька яго Вацлаў Пелікан быў музыкантам слонімскага аркестра тэатра Агінскага. Першапачатковую адукацыю Пелікан атрымаў у Маладзечне. А ў 1809 годзе праслухаў курс філалагічных навук пры Віленскім універсітэце.
Восенню 1809 года Вацлава Пелікана залічылі студэнтам медыцынскага ўніверсітэта Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, якую ён скончыў з залатым медалём. Потым працуе на кафедры хірургічнай паталогіі і клінікі. За працу «Аб анеўрызмах» слонімцу прысвойваюць ступень доктара медыцыны і хірургіі.
З 1817 года дзейнасць Вацлава Пелікана цесна была звязана з Віленскім універсітэтам. Ён выбіраецца прафесарам на кафедру тэарэтычнай і практычнай хірургіі і хірургічнай клінікі, выкладае студэнтам хірургію, анатомію і судовую медыцыну.
У 1824 доктар са Слоніма быў абраны дэканам медыцынскага аддзялення, а з 1826 года становіцца рэктарам Віленскага ўніверсітэта.
У 1831 года Венцаслаў Пелікан едзе ў Пецярбург, дзе працую інспектарам Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, а потым дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства. Яго выбіраюць прэзідэнтам Пецярбургскай медыка-хірургічгнай акадэміі.
Венцаслаў Пелікан прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Вільні і Пецярбурга. Ён быў старшынёй камітэта па складанні праекта Віленскай вучэбнай акругі і новага статута Віленскага ўніверсітэта. Доктар быў ганаровым членам-карэспандэнтам медыка-хірургічнай акадэміі ў Пецярбургу, членам Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта…
Напрыканцы жыцця Венцаслаў Пелікан вярнуўся на Радзіму. Жыў у сваім маёнтку Пеліканы каля возера Палік на Барысаўшчыне, дзе і памёр. Па іншай інфармацыі, ён памёр у Пеліканах на Ковеншчыне.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя