Міністэрства культуры звольніла дырэктара Музея гісторыі літаратуры
Афіцыйных тлумачэнняў прычын у Міністэрстве культуры Міхаілу Рыбакову не далі, нягледзячы на пісьмовы запыт на імя міністра патлумачыць прычыны.
Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў мусіць пакінуць пасаду, бо «так захацелі наверсе».
Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Афіцыйных тлумачэнняў прычын у Міністэрстве культуры яму не далі, нягледзячы на пісьмовы запыт на імя міністра патлумачыць прычыны.
„Выказваю шчырыя словы павагі і падзякі ўсяму калектыву літаратурнага музея і ўсіх нашых філіялаў за няўяўную адданасць сваёй справе і адраджэнне добрага імя музея, усім нашым партнёрам і сябрам за сумесную працу і за падтрымку нашых праектаў. Разам нам удалося за кароткі тэрмін зрабіць музей цікавым, вядомым і папулярным для наведвальнікаў, рэалізаваць шмат яркіх ідэй і незвычайных праектаў, паказаць, што літаратурная спадчына ў гісторыі беларускага народа – гэта велізарны і бясконца цікавы свет, які вучыць нас, нягледзячы ні на што, заўсёды заставацца самімі сабой і ганарыцца тым, што Мы – БЕЛАРУСЫ.
Пакуль сыходжу ў нікуды, але калі зачыняюцца адны дзверы – павінны адкрыцца іншыя. Віншую ўсіх з надыходзячым Новым годам – няхай ён адкрые нам усім гэтыя дзверы ў Новую Беларусь шырэй …”, – напісаў Міхаіл Рыбакоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Фэйсбук