ФСБ Расеі „раскрыла” „дзяржаўны пераварот” у Беларусі
У гэты ж сама дзень Лукашэнка ў час суботніка заявіў журналістам, што на яго і яго сыноў рыхтаваўся замах.
«Федэральнай службай бяспекі РФ супольна з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у выніку праведзенай спецаперацыі спыненая супрацьпраўная дзейнасць Юрыя Зянковіча, які мае грамадзянства ЗША і Беларусі і грамадзяніна Беларусі Аляксандра Фядуты, якія планавалі ажыццяўленне ваеннага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый” з прыцягненнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізічную ліквідацыю прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі», — паведаміла ТАСС – галоўнае інфармацыйнае агенцтва Расеі.
Паводле звестак ФСБ, Зянковіч нібыта прыбыў у Маскву пасля кансультацый у ЗША і Польшчы для сустрэчы з прадстаўнікамі Узброеных Сіл Беларусі, каб пераканаць іх удзельнічаць у вайсковым перавароце з удзелам мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў.
«Пасля дакументавання названай сустрэчы змоўшчыкі былі затрыманыя расейскімі органамі бяспекі і перададзеныя беларускім партнёрам», — паведамілі ў ФСБ.
Паведамляецца, што пераварот планаваўся ў Менску 9 траўня, у час так званага параду Перамогі.
КДБ РБ, аднак, даў інфармацыю, што пераварот рыхтаваўся на чэрвень-ліпень.
У гэты ж сама дзень Лукашэнка ў час суботніка заявіў журналістам, што на яго і яго сыноў рыхтаваўся замах. Ён сказаў, што яго забойства рыхтавала ЦРУ ці ФБР, а дзяцей павінны былі пасадзіць у выкапаны склеп. У эфіры тэлеканалу ОНТ Лукашэнка сказаў, што Пуцін ў час тэлефоннай размовы з Байдэнам пытаўся ў прэзідэнта ЗША, чаму яны хочуць забіць Лукашэнку.
Па канале ОНТ акрамя Фядуты і Зянковіча паказалі партрэты яшчэ 5 чалавек, якія нібыта рыхтавалі „дзяржаўны пераварот”. Гэта Рыгор Кастусёў (ён таксама затрыманы), Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка, Дзмітрый Шчыгельскі (усе жывуць у ЗША) і Ігар Макар, які таксама за мяжой.