Тэлеканцэрт да юбілею Віктара Роўды
12 снежня мы пакажам канцэрт «Хор як лёс», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР, прафесара Віктара Роўды.
Віктар Уладзіміравіч Роўда з 1965 года да апошніх дзён жыцця быў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам хору Беларускага тэлебачання і радыё. На чале з маэстра калектыў папулярызаваў маладых аўтараў, выконваў найлепшыя харавыя творы айчынных кампазітараў.
Адначасова народны артыст Беларусі і СССР быў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вёў студэнцкі хор. На імпрэзах Віктар Уладзіміравіч нярэдка злучаў артыстаў з розных калектываў, каб дамагчыся яркага гучання кампазіцый.
Падобнае з’яднанне адбылося напрыканцы лістапада і ў Белдзяржфілармоніі. Там далі канцэрт заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага і студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад началам Інэсы Бадзяка. Для ўдзелу ў праграме таксама запрасілі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Акадэміі музыкі, салістаў Станіслава Трыфанава, Анастасію Храпіцкую, Аляксандра Міхнюка.
Тэлеверсію канцэрта «Хор як лёс» глядзіце ў гэтую нядзелю, 14:20.