Уладзіміра Мацкевіча пакінулі за кратамі яшчэ на месяц
Філосафа затрымалі 4 жніўня. Праваабаронцы мяркуюць, што абвінавачанне, якое яму выстаўлена, хочуць пашырыць ці перакваліфікаваць.
Філосафа і метадолага, грамадскага дзеяча Уладзіміра Мацкевіча пакінулі за кратамі яшчэ на месяц — да 4 лютага. Пра гэта паведамляецца на старонцы Фэйсбуку, прысвечанай Мацкевічу, якую вядуць ягоныя паплечнікі.
Як паведамлялася, філосафа затрымалі 4 жніўня. У той жа дзень супрацоўнікі Камітэту дзяржбяспекі правялі ў яго ператрусы праз падазрэнне ў арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушылі грамадскі парадак.
Пазьней стала вядома, што артыкулы зняволенага філосафа правяраюць «на прыкметы распальвання варожасці».
Праваабаронцы мяркуюць, што абвінавачанне хочуць пашырыць ці перакваліфікаваць.
Па стане на 4 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 968 чалавек. Усяго па крымінальных справах палітычнага характару праходзяць да 5 000 асобаў.