Гарадзенскі „Нёман” выйшаў у плей-оф хакейнага чэмпіянату Беларусі
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” адолелі ў авертайме „Берасце” з лікам 2:1 у выязным паядынку чэмпіянату Беларусі і заваявалі пуцёўку ў плей-оф. Гарадзенскія хакеісты сталі шостымі ўдзельнікамі плей-оф. Раней пропускі ў накаўт-раўнд заваявалі чэмпіён краіны менскае „Юнацтва”, а таксама жлобінскі „Металург”, „Гомель”, салігорскі „Шахцёр” і „Віцебск”.
Валейбалісткі „Менчанкі” перамаглі „Енісей” у матчы расейскай суперлігі
Валейбалісткі „Менчанкі” спынілі серыю з двух паразаў у матчах расейскай суперлігі. У гульні 14-га тура беларускі перамаглі ў Краснаярску мясцовы „Енісей” з вынікам 3:1. Гэта пятая вікторыя „Менчанкі” ў 14 праведзеных сустрэчах, і, набраўшы 16 ачкоў, яна займае 9-е месца ў турнірнай табліцы сярод 14 удзельнікаў расейскага чэмпіянату.
Андрэй Шаўчэнка звольнены з пасады галоўнага трэнера „Джэноа” пасля двух месяцаў працы
Украінскі спецыяліст Андрэй Шаўчэнка адпраўлены ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера „Джэноа”. Пра гэта паведамляе прэс-служба італьянскага клуба. Экс-форвард „Мілана” ўзначаліў каманду 7 лістапада і здолеў заваяваць з ёй толькі адну перамогу. Кантракт Шаўчэнка з клубам быў разлічаны да 2024 года. Пад кіраўніцтвам украінца „Джэноа” правёў дзевяць матчаў у чэмпіянаце Італіі, у якіх тройчы згуляў унічыю і пацярпеў шэсць паразаў.
Гандбалісты Польшчы перамаглі аўстрыйцаў у матчы чэмпіянату Еўропы.
На мужчынскім гандбольным чэмпіянаце Еўропы ў Венгрыі і Славакіі завяршыліся паядынкі першага тура. У другім матчы папярэдняй групы D гандбалісты зборнай Польшчы ў Браціславе выйгралі ў каманды Аўстрыі з вынікам 36:31. У стартавым паядынку гэтага квартэта зборная Беларусі сустракалася з камандай Германіі і саступіла з лікам 29:33. 16 студзеня беларусы згуляюць з гандбалістамі Польшчы, а 18 студзеня завершаць першую стадыю турніру матчам са зборнай Аўстрыі.
Беларускае Радыё Рацыя