Кацярына Дзерман: Для дыяспары гэта быў вельмі актыўны год
З актыўнай дзяячкай беларускай дыяспары ў Беластоку Міхась Андрасюк размаўляе пра дзейнасць гэтай дыяспары за мінулыя гады.
З Госцяй Рацыі Кацярынай Дзерман, актыўнай дзяячкай з беларускай дыяспары ў Беластоку, Міхась Андрасюк размаўляе пра дзейнасць дыяспары за мінулыя гады.
РР: Я кажу, што вы актыўная дзяячка беларускай дыяспары ў Беластоку таму, што часта бачу вас на ўсялякіх мерапрыемствах, мітынгах, маршах.
Кацярына Дзерман: Так, часта там бываю.
РР: А што вас туды прыцягвае?
Кацярына Дзерман: Сумленне, бо не магу інакш. Мне баліць, як і ўсім сумленным беларусам, думаю. Як мне падаецца, маю некаторыя арганізацыйныя здольнасці і стараюся выкарыстаць іх для нашай агульнай справы.
РР: Шмат людзей апынуліся за межамі Беларусі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, а вы прыехалі ў Польшчу значна раней і маглі б сабе спакойна жыць, працаваць. У вас добрая прафесія – псіхіятр.
Кацярына Дзерман: Гэта так. Можа, і магла б, але тут, як я ўжо казала, справа ў сумленні. Я зразумела пасля 2020 года, ды і раней так было, што сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць. І таму, што дзеецца на Беларусі, гэта мая Радзіма, мяне гэта непасрэдна датычыцца, цікавілася тым, што там адбываецца, і раней. Маё рашэнне пра пераезд у Польшчу таксама было ў пэўным сэнсе палітычным, я разумела, у якой краіне я жыву і дзе будуць расці мае дзеці. На той момант не было нічога ў Беларусі, што б нагадвала пра такія масавыя пратэсты і такога памкнення да свабоды, таму і з’ехала. Трохі з такім расчараваннем. А 2020 год вярнуў мне веру ў беларусаў і Беларусь, і бачу, што імкнёмся мы да сваёй свабоды і ідзём гэтым шляхам.
РР: Бо кажуць, што зусім канчаткова з’ехаць немагчыма, на другім баку мяжы застаюцца сябры, знаёмыя, маці, бацька, брат, сястра, мая вуліца, маё дрэва, мой родны дом.
Кацярына Дзерман: Так, маё дзяцінства, маё жыццё. Гэта мая Радзіма, і пасля 2020 года я яшчэ больш зразумела, што такое Радзіма. І куды б ты не паехаў, ты застаешся беларусам. Я ніколі і не хацела быць кімсьці іншым, не рабіла з сябе польку ці так званую грамадзянку сусвету. Але пасля 2020 года яшчэ лепей зразумела, што я беларуска, і дзе б я не была, я застануся беларускай.
РР: Які быў для беларускай дыяспары 2021 год? Вы можаце параўнаць, бо вы ўжо пяць гадоў тут.
Кацярына Дзерман: Для дыяспары гэта быў вельмі актыўны год. Дыяспара ўвогуле як з’ява пасля гэтага вырашальнага жніўня 2020 года паўстала. Мы сапраўды ўбачылі адно аднаго, зразумелі, што такое салідарнасць, што можна дапамагаць адно аднаму, быць разам, што ў нас агульная тэма, у нас агульная Бацькаўшчына. Але ў 2021 было сапраўды шмат актыўнасці, мы праводзілі розныя акцыі. Гэта былі велапрабегі, аўтапрабегі, культурныя мерапрыемствы, інтэграцыйныя мерапрыемствы. Мы разумеем, што адной з нашых найважнейшых задач з’яўляецца інтэграцыя, каб людзі, якія прыязджаюць сюды, якія вельмі часта апынаюцца ў новым месцы без ведання мовы, увогуле без разумення як жыць у Польшчы і г.д., каб яны ведалі куды прыйсці, да каго звярнуцца, каб яны не адчувалі сябе тут у адзіноце.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя