Энтані Блінкен перасцярог Расею ад далейшай эскалацыі ва Украіне
“Мы выразна далі зразумець, што перасячэнне мяжы Украіны любымі расейскімі ўзброенымі сіламі будзе лічыцца ўварваннем, і на гэта будзе хуткі, жорсткі і ўзгоднены адказ”, — заявіў Блінкен.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасля сустрэчы з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым у Жэневе перасцярог Расею ад далейшай эскалацыі ва Украіне, – піша Deutsche Welle. “Мы выразна далі зразумець, што перасячэнне мяжы Украіны любымі расейскімі ўзброенымі сіламі будзе лічыцца ўварваннем, і на гэта будзе хуткі, жорсткі і ўзгоднены адказ з боку ЗША, а таксама нашых партнёраў і саюзнікаў”, — заявіў на прэс-канферэнцыі ў Жэневе 21 студзеня дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
“Я перадаў Лаўрову пазіцыю Злучаных Штатаў і нашых еўрапейскіх хаўруснікаў і партнёраў — мы рашуча падтрымліваем Украіну, яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць”, — паведаміў Блінкен. Размову з Лаўровым кіраўнік Дзярждэпартамента назваў адкрытай і грунтоўнай, ЗША пагадзіліся на наступным тыдні прадставіць пісьмовыя адказы на патрабаванні Расеі ў дачыненні да Украіны і НАТА.