Прэзідэнт Арменіі падаў у адстаўку з-за адсутнасці інструментаў уплыву
Палітык заявіў, што аказаўся ў сітуацыі, калі не можа накласці вета на законы, якія лічыць немэтазгоднымі для дзяржавы і народа.
Прэзідэнт Арменіі Армэн Саркісян вырашыў сысці ў адстаўку. Адпаведная заява з’явілася на сайце афіцыйнай асобы дзяржавы.
Саркісян падкрэсліў, што гэта „абсалютна не эмацыйнае рашэнне”. Паводле яго слоў, ён зыходзіць з пэўнай логікі, калі ў прэзідэнта няма неабходных інструментаў, каб „паўплываць на радыкальныя працэсы ўнутранай і знешняй палітыкі”.
Палітык заявіў, што аказаўся ў сітуацыі, калі не можа накласці вета на законы, якія лічыць немэтазгоднымі для дзяржавы і народа. У яго таксама няма магчымасці „выкарыстоўваць большую частку свайго патэнцыялу для вырашэння сістэмных унутры- і знешнепалітычных задач”.
Армэн Саркісян абраны прэзідэнтам у сакавіку 2018 года. З 2015-га па выніках канстытуцыйнага рэферэндуму Арменія стала парламенцкай рэспублікай. Прэзідэнта ў гэтай краіне выбірае Нацыянальны сход тэрмінам на сем гадоў, яго паўнамоцтвы выключна прадстаўнічыя.
Прэм’ер-міністрам Арменіі з’яўляецца Нікол Пашынян. Цяпер краіна старшынюе ў АДКБ.