Дзень роднай мовы
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Наш тэлеканал адзначыць гэтае свята адмысловым эфірам.
У панядзелак глядзіце дзве яскравыя пастаноўкі паводле Кандрата Крапівы і Уладзіміра Караткевіча. Гэта спектаклі «Хто смяецца апошнім» ад сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра і «Леаніды не вернуцца на зямлю» ад Коласаўскага тэатра ў Віцебску.
Таксама ў Дзень роднай мовы мы пакажам аўтарскі праект Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы». Госцем праграмы стане навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. Аўтары «Наперад у мінулае» зладзяць фальклорную экспедыцыю ў Жыткавічы і задакументуюць народны абрад «Уваходзіны ў новую хату». А стваральнікі дзіцячых праграм «Дабраранак» і «Калыханка» падрыхтавалі любімыя айчынныя мультфільмы на роднай мове.
Святочным вечарам перадача «Кафедра» прапануе дзве пазнавальныя лекцыі пра буквар. Як беларусы прыдумалі, а праз стагоддзі адрадзілі лемантар, раскажа намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.
Цягам тыдня з 21 лютага слухайце вершы Уладзіміра Караткевіча, Навума Гальпяровіча, Аркадзя Куляшова, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы, Сяргея Грахоўскага. Сучасныя дзеячы культуры выканаюць творы класікаў у міжпраграмных перапынках. Праверыць веданне беларускай мовы можна будзе ў тэлевіктарыне «Сваімі словамі».