Расейскія войскі застануцца ў Беларусі, нягледзячы на завяршэнне вучэнняў
Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
Расейскія войскі застануцца ў Беларусі „ў сувязі з нарастаннем ваеннай актыўнасці каля знешніх межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе”, распавёў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Лукашэнка і Пуцін вырашылі працягнуць „праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы”.
— … Яе накіраванасць застанецца нязменнай — яна закліканая забяспечыць адэкватнае рэагаванне і дээскалацыю вайсковых падрыхтовак нядобразычліўцаў паблізу нашых агульных межаў, — заявіў Хрэнін.
Расейска-беларускія вайсковыя вучэнні „Саюзная рашучасць-2022” планаваліся да 20 лютага, а потым расейскія войскі павінны былі пакінуць Беларусь. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей літаральна 16 лютага казаў, што расейскія войскі своечасова сыдуць з Беларусі. — Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў, — запэўніў Макей.
Фота: t.me/modmilby