Украіна працягвае трымаць абарону ад расейскіх акупантаў
Адна з самых гарачых кропак баёў – пасёлак Кіеўскай вобласці Гастомель. Беларускаму фатографу Аляксандру Сушчынскаму пашчасціла выехаць адтуль.
Украіна працягвае трымаць абарону ад расейскіх акупантаў. Адна з самых гарачых кропак баёў – пасёлак Кіеўскай вобласці Гастомель. Для ратавання грамадзянскіх там працуюць зялёныя калідоры, але выязджаць па іх небяспечна: агонь не спыняецца.
Беларускаму фатографу Аляксандру Сушчынскаму, які жыў у Гастомелі на момант вайны, пашчасціла: яму ўдалося выехаць і выратавацца.
“Калі мы выязджалі, мы бачылі тую карціну, якую не хацелі бачыць. Гэта цалкам зруйнаваны горад”, – распавядае Аляксандр:
– Уся інфтрастуктура горада, якая ішла праз яго, знішчана. Знішчаны заводы, аэрапорт, крамы, баі вядуцца бясконца. Страшна таму, што ты разумееш, што гэта людзі, якія не маюць сумлення. Мы і так былі шчытамі, але мы баяліся, што нас пасадзяць у аўтобусы і павязуць на Кіеў, літаральна робячы з нас жывы шчыт. Знаходзячыся ў акупацыі, там, дзе яны хадзілі па нашых кватэрах і забіралі нашу ежу, разбівалі нашы рэчы, – карціна, якая запомніцца на ўвесь час.
Цяпер Аляксандр знаходзіцца ў Варшаве і імкнецца вярнуць псіхалагічную раўнавагу. Пазней жа ён плануе заняцца валанцёрствам на карысць Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя