«Калі сонца нізка — цені доўгія». Выстава беларускіх мастакоў у Беластоку
У Галерэі «Арсенал» у Беластоку адкрываецца выстава твораў сучасных мастакоў Беларусі «Калі сонца нізка — цені доўгія». Пра важнасць падзеі для саміх творцаў і гледачоў распавяла куратарка выставы Ганна Карпенка:
– Дзякуй усім, хто зрабіў гэтую выставу магчымай. Мне асабіста падаецца, што вельмі важна ў гэты час, у гэтыя цёмныя часы Еўропы суцэльна, але таксама і для Беларусі і тых, хто застаецца ў Беларусі, яны цёмныя і вельмі ціхія. І зараз у Менску практычна немагчыма пабачыць такое мастацтва, немагчыма сустрэць гэтых людзей. Гэта магчымасць супрацьстаяць гэтаму часу, гэта магчымасць праз разуменне сябе змяняць гэты мір, трансляваць свае каштоўнасці.
Актуальнасць выставы сучаснага беларускага мастацтва ў Беластоку падкрэсліла дырэктар галерэі Моніка Шэўчык:
– Гэты праект нарадзіўся з салідарнасці з пратэстамі ў Беларусі і з удзелам мастакоў у гэтых пратэстах. Мы працуем з беларускімі мастакамі ўжо шмат гадоў.
Выстава «Калі сонца нізка — цені доўгія» будзе працаваць у галерэі «Арсенал» да 13 траўня ўключна. Расклад мерапрыемстваў у межах выставы даступны на сайце галерэі «Арсенал».