Лявон Вольскі: Трэба спрабаваць да ўсяго ставіцца з добрай іроніяй
Легенда беларускай музычнай сцэны Лявон Вольскі цяпер жыве ў эміграцыі.
Artykuł Лявон Вольскі: Трэба спрабаваць да ўсяго ставіцца з добрай іроніяй pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Легенда беларускай музычнай сцэны Лявон Вольскі цяпер жыве ў эміграцыі. Хоць, як кажа сам, яны з жонкай гэтага не адчуваюць з увагі на вялікую колькасць канцэртаў у розных краінах. “Гэта проста гастролі, якія зацягнуліся”, – жартуе музыка.
РР: Як жыццёвыя і палітычныя акцэнты ўплываюць на Вас як на творцу?
Лявон Вольскі: На мяне і маю творчасць усё жыццё ўплываюць палітычныя, грамадска-палітычныя, гістарычныя і іншыя аспекты. Я ніколі не цураўся гэтага і ніколі не казаў, што я па-за палітыкай. Я лічу, што творца пра ўсё мусіць выказвацца і спяваць пра тое, што яго непакоіць і хвалюе.
Для творчай асобы гэта трэба пераўтварыць у нагоду для таго, каб гэтага не было ў будучыні. І каб як мага хутчэй свет пазбавіўся ад таго, што зараз адбываецца ў Беларусі і Расеі. Мы і раней гэтым займаліся. Цяпер проста трэба больш прыкладаць намаганняў. Гэта дзікія ўсё рэчы, але трэба навучыць сябе рэагаваць на гэта так, каб не ўпадаць у ступар. Бо калі ты ў ступары, хворы і знерваваны, атрымліваецца, што ты робіш тое, што хочуць ворагі. А мы мусім быць свежымі, іранічна глядзець на ўсё гэта.
РР: Ці правільна патрабаваць нейкага гераізму ад людзей?
Лявон Вольскі: Цяпер патрабаваць гераізму ад людзей – гэта патрабаваць знішчэння гэтых людзей. Таму што ўвялі такі артыкул, што ні за што можна прыпісаць тэрарызм, а тэрарызм – гэта ўжо вышэйшая мера і ўсё, што адсюль выцякае. Таму гэтага патрабаваць мы не можам. Каб народ масава абудзіўся ранней, як і тое самае, што каб не далі захапіць Крым калісьці, не дапусцілі такой сітуацыі з Данбасам, то не было б сённяшняй сітуацыі з Украінай і Расеяй. Таму што яны былі ўпэўненыя, што ніхто ім нічога не зробіць, раз тады яны гэта зрабілі ў парушэнне ўсіх магчымых міжнародных пагадненняў. Яны думалі, што і цяпер будзе тое самае. Ад народа нічога патрабаваць не трэба, бо гэта вельмі небяспечна.
РР: Што Вам надае сілы і надзею?
Лявон Вольскі: Я заўсёды быў упэўнены, што гэтая эпоха лукашэнак ненадоўга ў Беларусі. Яна, праўда, зацягнулася. Што ратуе? Трэба да ўсяго з добрай іроніяй ставіцца. Трэба з гэтага ўсяго спрабаваць пасмейвацца. Асабліва з гэтых персанажаў, якія лічаць сябе нейкімі паўбагамі. Але яны кепска скончаць, гэта таксама трэба разумець. І разумець, як яны пасля будуць крычаць, што іх прымусілі, што яны выконвалі загады. А самы галоўны будзе казаць, што на яго быў беспрэцэдэнтны ціск з боку Расеі. Але варта наблізіць момант, калі гэта мусіць быць.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Лявон Вольскі: Трэба спрабаваць да ўсяго ставіцца з добрай іроніяй pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.