ЗША ўводзяць санкцыі супраць 100 беларускіх чыноўнікаў, сем’яў Балабы і Карпянкава
«ЗША падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратычнай, суверэннай і квітнеючай будучыні", - заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Artykuł ЗША ўводзяць санкцыі супраць 100 беларускіх чыноўнікаў, сем’яў Балабы і Карпянкава pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
ЗША ўводзяць візавыя абмежаванні ў дачыненні да 100 беларускіх службовых асоб, якія маюць дачыненне да падрыву дэмакратыі ў Беларусі. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
«У другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мы аддаём належнае беларускаму народу, які з’явіўся ў рэкорднай колькасці, каб прагаласаваць, рэалізаваць свае правы і вызначыць сваю будучыню”, – сказаў ён.
У адказ на брутальныя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі ЗША зрабілі шматлікія крокі, у тым ліку ўвялі санкцыі за гэтыя дзеянні, адзначыў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.
„Сёння мы аб’яўляем аб кроках па ўвядзенні візавых абмежаванняў у дачыненні да 100 службовых асоб рэжыму і звязаных з імі асоб за іх удзел у падрыве або нанясенні ўрону дэмакратычным інстытутам або ў перашкаджэнні пераходу да дэмакратыі”, — дадаў Блінкен.
Паводле яго слоў, у санкцыйны пералік унесены прадстаўнікі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, КДБ, Цэнтрвыбаркама, МУС, Генпракуратуры, Следчага камітэта, Мінтранса, ГУБАЗіК МУС, Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, ваенныя, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі і інш. У цэлым Дзярждэпартамент ужо зрабіў захады па ўвядзенні візавых абмежаванняў у дачыненні да 297 асоб Беларусі.
Акрамя таго, Блінкен аб’явіў аб пашырэнні санкцый супраць Мікалая Карпянкава і Дзмітрыя Балабы. Візавыя абмежаванні ўведзены ў дачыненні да жонкі Карпянкава Ірыны і сына Ігара, а таксама ў адносінах да жонкі Балабы Таццяны і сыноў Арцёма і Максіма.
«Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго памкненні да дэмакратычнай, суверэннай і квітнеючай будучыні. Мы будзем працягваць заклікаць да адказнасці за парушэнні правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі і падтрымліваць міжнародныя намаганні па дакументаванні парушэнняў і прыцягненні вінаватых да адказнасці», – падсумаваў Блінкен.
Artykuł ЗША ўводзяць санкцыі супраць 100 беларускіх чыноўнікаў, сем’яў Балабы і Карпянкава pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.