Пракуратура завяла справы за «абразу прадстаўнікоў улады» ў Тэлеграме ў сувязі са «справай Аўтуховіча»
За абразу пракурорскіх работнікаў і іншых прадстаўнікоў улады ў сувязі з разглядам «справы Аўтуховіча» і распаўсюд асабістых зьвестак пракуратура Горадзенскай вобласьці завяла крымінальныя справы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ведамства.
У пракуратуры сьцьвярджаюць, што ўстанавілі «факты незаконнага распаўсюджваньня ў дэструктыўных Telegram-каналах пэрсанальных зьвестак намесьніка начальніка аддзела пракуратуры Горадзенскай вобласьці, памочніка пракурора Савецкага раёну Менску, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і турмы № 1, судзьдзі Горадзенскага абласнога суда і іх блізкіх сваякоў, а таксама аб іх прыватным жыцьці». Гэта нібыта зьвязана з разглядам судом Горадзенскай вобласьці «справы Аўтуховіча».
Крымінальныя справы заведзеныя па ч.3 арт. 203-1, арт.369 Крымінальнага кодэксу. Для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня іх накіравалі ва ўпраўленьне СК па Горадзенскай вобласьці, паведамілі ў пракуратуры.
Суд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Максім Філатаў.
Былога прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам зь ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржСМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча». Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разановічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Сьнягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.
Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у іх лік не ўваходзіць. Мікалай трымаў галадоўку звыш 20 дзён. Затым зьявіліся зьвесткі ад адміністрацыі пра тое, што ён пачаў піць вадкасьці і атрымаў кропельніцу, ад іншых крыніц інфармацыі аб гэтым няма.
Чацьвёра падсудных у «справе Аўтуховіча» — Ўладзімер Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер — перадалі на волю зварот, у якім заявілі аб пагрозе іхнаму жыцьцю і здароўю, а таксама пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў.