«Тонкая грань»
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны апублікавала дадзеныя аб фактах калабарацыі, якія ў сярэднім рэгіструюцца за месяц: іх прыблізна 160.
Artykuł «Тонкая грань» pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Усё ж такі цяжкае жыццё ў калабаранта, асабліва калі ўжо саломкі падаслаў для жыцця з новымі гаспадарамі, а тут – раз, і дэакупавалі тэрыторыю. Міністэрства ўнутраных спраў Украіны апублікавала дадзеныя аб фактах калабарацыі, якія ў сярэднім рэгіструюцца за месяц: іх прыблізна 160. Гэта і грамадзянскія асобы, і прадпрыемцы, і праваахоўнікі, і прадстаўнікі дзяржорганаў і органаў мясцовага самакіравання. У асноўным, украінцы супрацоўнічаюць з акупантамі альбо з-за абяцанняў атрымаць кіруючыя пасады, альбо з-за фінансавай узнагароды. А камусьці гэтыя так званыя пасады ўжо ўдалося атрымаць. Напрыклад, горад Балаклея Харкаўскай вобласці была акупаваная ў першыя тыдні вайны. І практычна адразу дзейны мэр перайшоў на бок ворага. Аб гэтым ён публічна заявіў жыхарам горада і заклікаў усяляк дапамагаць акупантам. Але ўжо на пачатку красавіка проста збег у РФ, баючыся расправы з боку мясцовых жыхароў. А, як вядома, свята месца пуста не бывае, і ў Балаклеі з’явіўся новы гаўляйтар. Ідэйны, які чакаў сваёй зорнай гадзіны аж з 2014 года.
Быць рэальным гаўляйтэрам – гэта вам не артыкулькі ў расейскія прапагандысцкія газеткі пісаць! Больш за чатыры месяцы ён атрымліваў асалоду ад улады, пакуль ВСУ не вызвалілі горад ад акупантаў: ці паспеў ён пакінуць украінскую тэрыторыю і выехаць у РФ – невядома, таму пакуль што праваахоўнікі вылучылі яму падазрэнне завочна. У адрозненне ад добраахвотных калабарантаў, украінскіх медыкаў, якія працягваюць працаваць на часова акупаваных тэрыторыях, лічыць калабарантамі нельга. Гэта афіцыйная пазіцыя дзяржавы. Пры ўмове, калі яны не прызнаюць уладу акупантаў. То бок, існуе тонкая грань, якая таксама тычыцца і ўкраінскага бізнесу. А гэта значыць, што як медыкі, так і прадпрыемцы павінны апавясціць украінскія дзяржаўныя органы аб тым, што іх праца ў гэтых умовах зʼяўляецца вымушанай і ніякага свядомага супрацоўніцтва з акупантамі няма. Які ж лёс чакае калабарантаў? Відавочна, што ва Украіне іх дзейнасці будзе дадзена прававая ацэнка, а ў РФ яны наўрад ці будуць жыць спакойна – каму патрэбныя патэнцыйныя здраднікі?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł «Тонкая грань» pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.