Кіраўнік анэксаванага Крыму Аксёнаў заявіў, што рух па Крымскім мосьце адкрылі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў
![Кіраўнік анэксаванага Крыму Аксёнаў заявіў, што рух па Крымскім мосьце адкрылі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў](https://gdb.rferl.org/55758ED0-3531-4439-9E07-E7ABD8755696_cx0_cy10_cw0_w800_h450.jpg)
Рух па Крымскім (Керчанскім) мосьце адкрылі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Пра гэта паведаміў расейскі кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў, перадае праект Радыё Свабода Крым. Рэаліі.
Аксёнаў заявіў, што аўтатранспартныя сродкі будуць прапускацца на мост з праходжаньнем поўнай працэдуры агляду.
«Просім кіроўцаў грузавых фур плянаваць маршрут руху, выкарыстоўваючы Керчанскую паромную пераправу. Празь дзьве гадзіны праз праліў пачынае хадзіць паром «Керч-2», — напісаў Аксёнаў у тэлеграме.
Раней паведамлялася, што сёньня ўвечары аднаўляецца рух цягнікоў па Крымскім мосьце. Сьцьвярджаецца, што цягнікі зь Пецярбургу і Масквы ў Севастопаль і Сімфэропаль адправяцца па графіку. Цягнікі з гарадоў Крыму ўжо выехалі ў Маскву і Пецярбург.
Выбух на Крымскім мосьце з наступным пажарам адбыўся раніцай 8 кастрычніка. Спачатку расейскія СМІ пісалі, што загарэлася цыстэрна з палівам каля грузавога цягніка, затым — грузавік, які выбухнуў. Рух па мосьце перакрылі. Канструкцыя аўтамабільнай часткі мосту часткова абрынулася.
У Нацыянальным антытэрарыстычным камітэце Расеі паведамілі, што на Крымскім мосьце ўзарваўся грузавы аўтамабіль. У выніку загарэліся сем паліўных цыстэрнаў цягніка. Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што ў выніку выбуху загінулі тры чалавекі.
Украінскія СМІ са спасылкай на крыніцы называлі выбух на Крымскім мосьце апэрацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны.
Але сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка адмовіўся пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя дадзеныя. Паводле яго слоў, «ролю СБУ або любога дзяржаўнага органу Ўкраіны ў „бавоўне“ будзем камэнтаваць пасьля нашай канчатковай перамогі», — сказаў ён.