Украінскія дыпмісіі ў Эўропе атрымалі пакеты з вырванымі вачыма жывёл
Дыпляматычныя місіі Ўкраіны ў некалькіх краінах Эўропы атрымалі пагрозьлівыя лісты. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка.
Амбасады ў Вугоршчыне, Нідэрляндах, Польшчы, Харватыі, Італіі, Аўстрыі, а таксама генэральныя кансуляты ў Нэапалі, Кракаве і кансулят ў Брне атрымалі акрываўленыя пакеты. У іх былі вочы жывёл.
«Мы вывучаем сэнс гэтага пасланьня», — пракамэнтаваў падзею Нікаленка.
Ён таксама згадаў, што ўваход у памяшканьне амбасадара ў Ватыкане падвергся акту вандалізму, у Казахстане паступіла ілжывае паведамленьне аб мініраваньні ўкраінскай амбасады, а ў ЗША ў дыпмісію даслалі крытычны артыкул пра Ўкраіну. Усе інцыдэнты адбыліся пасьля выбуху ў амбасадзе Ўкраіны ў Гішпаніі.
«Мы маем падставы меркаваць, што адбываецца добра сплянаваная кампанія тэрору і запалохваньня амбасадаў і кансулятаў Украіны. Ня маючы магчымасьці спыніць Украіну на дыпляматычным фронце, нас імкнуцца запалохаць. Аднак можна адразу сказаць, што гэтыя спробы марныя. Мы і далей будзем эфэктыўна працаваць на перамогу Ўкраіны», — прывёў Нікаленка словы міністра замежных спраў Дзьмітрыя Кулебы.
Паведамляецца, што ўкраінскі бок узаемадзейнічае з праваахоўнымі органамі краін, у якх знаходзяцца дыппрадстаўніцтвы. Ва ўсіх амбасадах таксама ўзмоцненыя захады бясьпекі.
Алег Нікаленка таксама заклікаў замежныя ўрады «гарантаваць максымальную абарону ўкраінскіх дыпляматычных устаноў у адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных зносінах».