«Беларускі Гаюн»: Яшчэ мінімум 60 адзінак тэхнікі Узброеных сіл Расеі прыбылі ў Беларусь
Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», за апошнія некалькі дзён у Беларусь з РФ прыбылі яшчэ два эшалёны з тэхнікай УС РФ.
Паведамляецца, што на чыгуначных лятформах знаходзяцца «Уралы», БМП і бэнзавозы.
Сайт Motolko. help інфармуе, што першы эшалён быў адпраўлены 8 сьнежня 2022 году з гораду Чабаркуль (Чэлябінская вобласьць, РФ) і прыбыў на чыгуначную станцыю Палонка (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць) 12 сьнежня.
У яго складзе было 30-40 адзінак новых «Уралаў» УС РФ, якія, па ўсёй бачнасьці, прызначаюцца для забесьпячэньня вайскоўцаў РФ, што дысьлякуюцца на палігоне «Абуз-Лясноўскі», найбліжэйшым да станцыі Палонка.
Другі эшалён быў адпраўлены з чыгуначнай станцыі Астрагожск (Варонеская вобласьць, РФ) 11 сьнежня ў 23:43 і прыбыў у Палонку (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць) у 07:50 раніцы 14 сьнежня.
Гэтую інфармацыю пацьвярджае і «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» і @belzhd_live. Паводле іх дадзеных, усяго ў эшалёне знаходзілася 26 вагонаў-плятформаў з пагружанай на іх гусенічнай і колавай тэхнікай УС РФ, у тым ліку каля 20 «Уралаў», мінімум 4 БМП-2 і бэнзавозы.
У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра пачатак разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы нібыта ў сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах. Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць расейскія войскі і вайсковая тэхніка.
Усё гэта адбываецца на фоне разьвязанай Расеяй вайны ва Ўкраіне. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў ёй, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.