Беларускія гандбалісты закінулі тузін мячоў у матчах Лігі чэмпіёнаў
У матчах групавога этапа Лігі чэмпіёнаў вызначыліся Мікіта Вайлупаў і Арцём Каралёк.
Artykuł Беларускія гандбалісты закінулі тузін мячоў у матчах Лігі чэмпіёнаў pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларускія гандбалісты Мікіта Вайлупаў і Арцём Каралёк вызначыліся ў матчах групавога этапа Лігі чэмпіёнаў.
У папярэдняй групе А венгерскі „Веспрэм” у румынскай сталіцы згуляў унічыю з бухарэсцкім „Дынама” – 31:31. Беларускі легіянер венгерскага клуба Мікіта Вайлупаў сем разоў закінуў у брамку гаспадароў і зараз у яго актыве 20 закінутых мячоў у гэтым сезоне чэмпіёнскай Лігі.
У групе В польскі „Кельце” ўпэўнена перамог на сваёй пляцоўцы славенскі “Цэле” – 36:28. Адзін з лідараў польскага чэмпіёна Арцём Каралёк вызначыўся пяць разоў – зараз у яго 32 галы. Матчы групавога этапа адновяцца ў пачатку лютага, а завершацца ў сакавіку, пасля чаго па шэсць найлепшых каманд выйдуць у плэй-оф.
Беларускія хакеісты з перамогі стартавалі на Кубку Першага канала
На „ЦСКА-Арэне” ў Маскве стартаваў традыцыйны міжнародны турнір па хакеі „Кубак Першага канала”. Зборная Беларусі бярэ ўдзел у гэтым турніры ўпершыню з 1993 года. У стартавым матчы падначаленыя Крэйга Вудкрафта сустракаліся з камандай Казахстана, якую ўзначальвае беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Першая трэць скончылася з лікам 1:1 – наперад нашу каманду ўжо на 4-й хвіліне вывеў Уладзімір Алістраў, супернік зраўняў лічбы праз 10 хвілін. У наступным перыядзе таксама былі закінуты дзве шайбы, але абедзве ў казахстанскую брамку – зноў вызначыўся Алістраў, таксама закінуў Раман Гарбуноў. У заключным адрэзку Алістраў аформіў хет-трык, усталяваўшы тым самым канчатковы лік – 4:1 на карысць беларусаў. Другі і заключны матч на Кубку Першага канала наша зборная правядзе супраць расейцаў 18 снежня (пачатак – у 14.30).
Матч за футбольны Суперкубак Беларусі адбудзецца 25 лютага ў Менску
Выканкам асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” сёння зацвердзіў лічбавы футбольны каляндар на 2023 год.
У першым афіцыйным паядынку новага сезона 25 лютага на полі менскага стадыёна „Дынама-Юні” ў барацьбе за Суперкубак сустрэнуцца чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” і ўладальнікі Кубка краіны футбалісты „Гомеля”. У пачатку сакавіка адбудуцца чвэрцьфінальныя матчы чарговага розыгрышу Кубка Беларусі. Старт 33-га чэмпіянату краіны сярод каманд вышэйшай лігі запланаваны на 17 сакавіка.
Прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна назваў чэмпіянат свету ў Катары лепшым у гісторыі
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) Джані Інфанціна на прэс-канферэнцыі падзяліўся ўражаннямі ад чэмпіянату свету, які праходзіць у Катары з 20 лістапада.
„Гэта лепшы чэмпіянат свету ў гісторыі. Турнір у Катары наведала 3,27 мільёна гледачоў. На чэмпіянаце свету ў Расеі пабывала 3,03 мільёна гледачоў”, — заявіў Інфанціна, які спазніўся на ўласную прэс-канферэнцыю на 59 хвілін з-за паседжання рады ФІФА, адзначае sport-express.ru.
У фінале чэмпіянату свету зборная Францыі згуляе з Аргенцінай. Сустрэча пройдзе ў нядзелю, 18 снежня. Пачатак а 18.00.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Беларускія гандбалісты закінулі тузін мячоў у матчах Лігі чэмпіёнаў pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.