У Беларусі могуць ліквідаваць таварыства аховы помнікаў, заснаванае яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя
![У Беларусі могуць ліквідаваць таварыства аховы помнікаў, заснаванае яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя](https://gdb.rferl.org/BF56F2CB-AEB0-4C3D-9D1A-F17FA7A2021F_w800_h450.jpg)
У пачатку студзеня на пазоў Міністэрства юстыцыі пройдзе суд аб ліквідацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое яшчэ зь сярэдзіны 60-х гадоў займалася абаронай беларускай гістарычнай спадчыны. Пра гэта інфармуе zerkalo. io
Слуханьне па справе аб ліквідацыі аб’яднаньня па раскладзе пройдзе 10 студзеня ў Вярхоўным судзе, пазоў аб гэтым падало Міністэрства юстыцыі. Працэс будзе весьці судзьдзя Кацярына Якутовіч.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — адна з найстарэйшых культурна-гістарычных арганізацый у Беларусі: яно была заснаванае яшчэ ў 1966 годзе. Спачатку дзейнічала як дзяржаўна-грамадзкая інспэкцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і фонд, які фінансаваў рэстаўрацыю шматлікіх помнікаў, у тым ліку Сафійскага сабору ў Полацку, кальвінісцкіх збораў у Заслаўі і Смаргоні.
Пазьней таварыства стала цалкам незалежным ад дзяржавы аб’яднаньнем. Яно, у прыватнасьці, змагалася супраць зносу розных гістарычных аб’ектаў і высоўвала прапановы па іх уключэньні ў сьпіс культурных каштоўнасьцяў. У 2007 годзе старшынёй арганізацыі стаў гісторык-этноляг і культуроляг Антон Астаповіч.