Сустрэнемся ў Маладзечне!
![](http://3belarus.by/sites/default/files/pictures/news/bezymyannyy_19.jpg)
10 і 11 чэрвеня пройдзе XXI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022». У гэтыя дні наш тэлеканал прапануе жывыя трансляцыі гала-канцэртаў, спецыяльныя рэпартажы і інтэрв’ю, а таксама тэматычныя сустрэчы з творчымі групамі перадач.
Насычаныя фестывальныя дні мы правядзём разам з жыхарамі і гасцямі Маладзечна. 10 чэрвеня а 12:00 на вялікім экране кінатэатра «Радзіма» адбудзецца паказ дакументальнай стужкі «Імправізацыя». Фільм прысвечаны памяці Міхаіла Фінберга – стваральніка і ідэйнага натхняльніка музычна-паэтычнага форуму. Карціну прэзентуюць яе аўтары і героі – сябры, калегі, вучні маэстра.
У Палацы культуры падчас свята можна будзе ўбачыць фотавыставу аб нашым праекце «Жывая спадчына». Экспазіцыя раскажа, што застаецца за кадрам перадачы – лаўрэата прэміі «Тэлевяршыня-2022».
11 чэрвеня а 14:00 у Палацы культуры таксама адбудзецца творчая сустрэча з Аксанай і Анатолем Вечарамі – вядучай і рэжысёрам «Наперад у мінулае». Імпрэза прымеркавана да 10-годдзя праграмы. Першы круглы юбілей праекта – аўдыятэкі беларускіх народных песень у сучаснай аранжыроўцы – адзначаецца выхадам пяцісотай кампазіцыі. У гэтую суботу песня прагучыць упершыню – у жывым выкананні. Спецыяльныя госці – заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела і Алёна Ланская.
Цэнтральныя падзеі «Маладзечна-2022» – гала-канцэрты – мы пакажам у прамым эфіры. 10 чэрвеня а 21:00 глядзіце трансляцыю адкрыцця культурнага форуму. Яно аб’яднае цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і музычную праграму «XXI – адлік новага часу. Пачатак» ад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Максім Расоха.
11 чэрвеня а 21:00 уключайце гала-канцэрт закрыцця «Настальгічны дывертысмент». У праграме «Песні вяртаюцца» Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча прагучаць легендарныя кампазіцыі беларускай эстрады.
Самыя яскравыя моманты фестывальных дзён, рэпартажы з тэматычных пляцовак, сустрэчы з удзельнікамі і гасцямі свята прапануюць карэспандэнты «Навін культуры».