Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паведамленьне зьявілася на афіцыйным сайце суда.
Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову.
МУС падазрае абодвух ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. На сайце суда ўказваецца, што існуюць разумныя падставы лічыць, што Пуцін нясе асабістую адказнасьць за гвалтоўныя перамяшчэньні.
Расея не прызнае юрысдыкцыю суда, Масква з 2016 года не зьяўляецца ўдзельнікам Рымскага статута, які вызначае дзеяньні суда. Суд, у сваю чаргу, не прызнае імунітэт кіраўнікоў дзяржаў, калі гаворка ідзе пра расьсьледаваньне ваенных злачынстваў і перасьлед за іх.