ЗША працягнулі санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія»
Санкцыі ў дачыненьні да беларускага авіяперавозчыка — кампаніі «Белавія» былі працягнутыя Міністэрствам гандлю ЗША яшчэ на 180 дзён, паведамляецца на сайце амэрыканскага ведамства. Рашэньне дзейнае ад 7 чэрвеня.
Кампаніі «Белавія» або тым, хто дзейнічае ад яе імя, а таксама любым «правапераемнікам, агентам або супрацоўнікам», забараняецца «наўпрост або ўскосна якім-небудзь чынам удзельнічаць у любой зьдзелцы, зьвязанай зь любым таварам, праграмным забесьпячэньнем або тэхналёгіяй, якія экспартуюцца або падлягаюць экспарту са Злучаных Штатаў», адзначаецца ў дакумэнце.
Ведамства таксама падкрэсьлівае, што «Белавія» працягвала эксплюатаваць паветраныя судны, якія падпадаюць пад дзеяньне раней уведзеных абмежавальных мер, у тым ліку «на рэйсах у Беларусь і/ці Расею з/у Хургаду, Тбілісі, Доху, Маскву, Стамбул і Шарджу».
Санкцыі ў дачыненьні да кампаніі былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2022 году за выкарыстаньне вырабленых у ЗША самалётаў Boeing у парушэньне абмежаваньняў, уведзеных пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. 13 сьнежня 2022 году іх працягнулі на паўгода.
У дакумэнце зазначаецца, што «Белавія» можа апратэставаць запыт на працяг санкцый, падаўшы пісьмовую заяву ў амэрыканскае ведамства памочніку міністра гандлю па экспартным кантролі.