Столтэнбэрг: На саміце NATO ня будуць абмяркоўваць запрашэньне Ўкраіне
Запрашэньне Ўкраіны ў NATO ня будзе абмяркоўвацца на будучым саміце ў Вільні, заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Замест гэтага саюзьнікі будуць вырашаць, як наблізіць Украіну да NATO. Пра гэта інфармуе DW.
На саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Вільні ў ліпені яго члены «будуць абмяркоўваць не запрашэньне, а тое, як наблізіць Украіну да NATO», заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі ў пятніцу, 16 чэрвеня, генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг.
Паводле яго слоў, у гэтага пляну ёсьць тры элемэнты. Першы — наблізіць Украіну да NATO ў практычным пляне: дапамагчы ёй перайсьці ад савецкіх стандартаў да заходніх і павысіць інтэрапэрабельнасьць з войскамі чальцоў альянсу. Другі элемэнт — палітычны. «Мы блізкія да заключэньня пагадненьня аб стварэньні Рады NATO-Украіна, — заявіў Столтэнбэрг. — Мы імкнемся правесьці першае пасяджэньне новай рады ў Вільні з прэзыдэнтам Зяленскім». У адрозьненьне ад існуючай Камісіі Украіна-NATO, у рамках новай Рады ва Ўкраіны будуць такія ж правы, як і ў астатніх краін альянсу, і такія ж магчымасьці для кансультацый. Акрамя таго, гэты орган зможа прымаць рашэньні, указаў генэральны сакратар.
Трэці элемэнт будзе зьвязаны з канкрэтным пытаньнем аб уступленьні Ўкраіны ў NATO. У прынцыпе ўсе саюзьнікі згодныя, што краіна павінна стаць членам альянсу, падкрэсьліў Столтэнбэрг.
Генэральны сакратар альянсу зноў падкрэсьліў важнасьць узмацненьня вайсковай дапамогі Кіеву і прывітаў новыя абавязаньні саюзьнікаў, у тым ліку ініцыятыву Нідэрляндаў і Даніі пачаць навучаньне ўкраінскіх пілётаў на зьнішчальніках F-16 і сумесна з Вялікай Брытаніяй і ЗША паставіць Украіне ракеты СПА малой і сярэдняй далёкасьці. Ён таксама паведаміў, што саюзьнікі ўжо зрабілі ўнёскі на агульную суму 500 млн эўра ў рамках Комплекснага пакету дапамогі NATO.