Scanner Project: Літоўская кампанія зь беларускімі каранямі Yukon пастаўляе ў Расею цеплавізары, якія выкарыстоўваюцца на вайне ва Ўкраіне
Групу кампаній Yukon Advanced Optics Worldwide заснаваў грамадзянін Беларусі Аляксандар Альшэўскі, яна працуе ў Літве амаль 20 год. Пасьля расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну кампанія асудзіла агрэсію Расеі і заявіла пра сыход з рынку РФ. Але, як сьцьвярджаюць расьсьледавальнікі, гэтага не адбылося, і Yukon працягвае пастаўляць сваю прадукцыю ў Расею.
У прыватнасьці, у расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што ў 2022 годзе група кампаній Yukon праз прыналежную ёй расейскую кампанію «Мезон-A» прадала сваім кліентам у РФ тавараў як мінімум на 2 300 000 эўра. Сярод асноўных заказчыкаў «Мезон-A» — кампанія «ЦЭК», якая займаецца продажам аптычных прыбораў і выкананьнем дзяржаўнага абарончага заказу Расеі.
Расьсьледавальнікі адзначаюць, што на пачатку лютага 2023 году начныя прыцэлы Pulsar гандлёвай маркі Yukon Advanced Optics Worldwide былі перададзены расейскім войскам, якія ваююць ва Ўкраіне. Мадэль, перададзеная расейскім вайскоўцам, была вырабленая на заводзе «Белтэкс Оптык» у Беларусі. Гэты завод належыць Yukon Group. Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, з пачатку вайны «Мезон-A» заплаціла «Белтэкс Оптык» каля 1 млн эўра за прыборы і выкананую працу.
Журналісты Scanner Project і LRT таксама сьцьвярджаюць, што выявілі і дзясяткі іншых выпадкаў адпраўкі на фронт прыбораў маркі Pulsar. Пры гэтым журналісты спасылаюцца на расейскіх праваенных блогераў, якія ў сваіх пастах расказвалі аб прыборах літоўскай маркі, «якія засьвяціліся» ў расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
Прадстаўнікі літоўскай кампаніі, у сваю чаргу, заявілі, што працэс яе ліквідацыі ў Літве пачаўся ўжо і яна больш не вырабляе і не прадае прадукцыю ў Расеі і Беларусі. У кампаніі таксама адзначылі, што на фронце ва Ўкраіне маглі зьявіцца прылады, прададзеныя імі раней, а не ў мінулым годзе. Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што гаворка ідзе пра тавары, якія прызначаныя не для выкарыстаньня ў ваенных мэтах, а, напрыклад, для паляваньня.
Тым ня менш журналісты прыйшлі да высновы, што Yukon ведае пра тое, што іх прадукцыю выкарыстоўваюць ня толькі паляўнічыя. У прыватнасьці, яны прыводзяць у прыклад справаздачу брытанскіх расьсьледавальнікаў, якія знайшлі шэсьць цеплавізараў маркі Yukon у баевікоў «Талібана».
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць абаронных прадпрыемстваў РФ, забараніўшы пастаўкі замежных камплектуючых для расейскай вайсковай тэхнікі. Аднак расейскія вытворцы ўзбраеньня знаходзяць спосабы абыходзіць санкцыі, наладжваючы пастаўкі неабходных кампанэнтаў праз трэція краіны, пераважна — дзяржавы Цэнтральнай Азіі.
Напрыклад, у траўні 2023 году журналісты «Важных гісторый», OCCRP і Der Spiegel высьветлілі, што расейская абаронная прамысловасьць і Мінабароны РФ працягваюць, нягледзячы на санкцыі, атрымліваць мікраэлектроніку і кітайскія бесьпілётнікі праз казахстанскія кампаніі.
А праект The Insider назваў 25 кампаній зь Нямеччыны, Францыі, Швайцарыі, Вугоршчыны, Славаччыны, Італіі, Эстоніі, Літвы, Аўстрыі і Польшчы, якія прадаюць тавары расейскім фірмам, якія, у сваю чаргу, забясьпечваюць армію РФ мікрасхемамі, снарадамі, амуніцыяй і іншымі вырабамі ваеннага прызначэньня.