Выступаў за беларускія школы
Беларускаму грамадска-палітычнаму дзеячу, мемуарысту і педагогу Язэпу Шнаркевічу (1888-1974) 22 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.
Artykuł Выступаў за беларускія школы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларускаму грамадска-палітычнаму дзеячу, мемуарысту і педагогу Язэпу Шнаркевічу (1888-1974) 22 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.
Язэп Шнаркевіч нарадзіўся ў вёсцы Саская Ліпка каля Нясвіжа. Скончыў мясцовую настаўніцкую семінарыю. Працаваў у народнай школе ў Вялікім Сяле каля Койданава, пасля выкладаў рускую мову і геаметрыю ў Гомельскай чыгуначнай школе. Адсюль жа паступіў у Магілёўскі настаўніцкі інстытут, пасля заканчэння якога быў мабілізаваны ў войска. Адбылося гэта ў самы разгар І Сусветнай вайны, летам 1916 года. Служба праходзіла ў запасным палку, потым была рэвалюцыя і курсы тэлеграфістаў. Напачатку 1918 года Язэп Канстанцінавіч змог вярнуцца да настаўніцкай працы, атрымаўшы прызначэнне ў адну з беларускіх школ Менска.
Восенню 1919 года ўжо пры польскай акупацыі Язэп Шнаркевіч быў прызначаны выкладчыкам беларусазнаўства (мовы, гісторыі і геаграфіі) у вышэйшую пачатковую школу Менска, а неўзабаве ўзначаліў гэту ўстанову і цалкам беларусізаваў яе. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю Язэп Шнаркевіч узначальваў “Беларускі вучыцельскі саюз”, адной з галоўных мэт якога была матэрыяльная падтрымка настаўнікаў. Усяго ж у Менску дзейнічалі 10 беларускіх школ, дзе працавалі 42 настаўнікі і займаліся 1113 вучняў.
Летам 1920 года Шнаркевіч пачаў працаваць у народным камісарыяце асветы БССР. А ўжо ў лістападзе таго ж года накіраваўся ў Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы, для разгортвання там культурна-асветніцкай дзейнасці.
Яго стараннямі ў 1921 годзе ў Нясвіжы на базе першых класаў жаночай гімназіі паўстала прыватная беларуская гімназія. Язэп Шнаркевіч сам выкладаў усе агульнаадукацыйныя прадметы і беларускую мову. Закон Божы, нямецкую і польскую мовы вялі асобныя настаўнікі.
-
На фота: дырэктар Нясвіжскай беларускай гімназіі Язэп Шнаркевіч з гімназістамі, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, 1922 г.
Поспехі гімназіі настолькі занепакоілі ўладу, што тая ўвогуле забараніла яе дзейнасць у 1923/24 навучальным годзе. Цэлы год вучні і настаўнікі займаліся нелегальна, на прыватных кватэрах. Гэта дало магчымасць захаваць ядро школы, а вясною 1924 года было вырашана перавесці яе ў Клецк. Але Язэпу Шнаркевічу працаваць на ніве беларускай школы забаранілі. І ён з’ехаў у Вільню.
Але у Вільні ад нацыянальнага руху ён не адышоў. Выкладаў у Віленскай гімназіі, быў актывістам Таварыства беларускай школы. За свае погляды двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, пазбаўляўся працы. Настаўнічаў і ў гады Другой сусветнай вайны. А вось пазней да педагагічнай дзейнасці не вяртаўся, заняўся агародніцтвам і пчалярствам. Памёр у Вільні 30 лістапада 1974 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Выступаў за беларускія школы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.