Эстонія разглядае магчымасьць дэпартацыі тых, хто хоча атрымаць грамадзянства Расеі — кіраўнік ураду
Прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас заявіла, што атрыманьне расейскага грамадзянства пагражае бясьпецы краіны, і пацьвердзіла, што такіх людзей могуць пачаць высылаць. Пра гэта піша выданьне Postimees.
На думку Калас, той факт, што чалавек, які жыве ў Эстоніі, вырашае атрымаць грамадзянства Расеі — калі яна нападае на Ўкраіну і яе народ, — кажа аб тым, што ў выпадку мабілізацыі ён гатовы ўступіць у расейскую армію і таксама пайсьці ваяваць. «Гэта ўжо пагроза бясьпецы Эстонскай Рэспублікі і вельмі выразны сыгнал, які дзяржава ня можа ігнараваць», — адзначыла яна.
Калас дадала, што паліцыя і памежная ахова абавязаныя расьсьледаваць, ці не зьяўляецца гэта «заявай аб падтрымцы тэрарызму» і дзеяньняў Расеі, а таксама дзейнасьці супраць Эстоніі і яе саюзьнікаў.
Калас выказалася пра гэта ў адказ на запыт дэпутата, ці сапраўды ўрад «шукае спосабы» высылаць тых, хто вырашыць атрымаць расейскае грамадзянства. Аб гэтым нядаўна сказаў міністар унутраных спраў краіны. Па словах Калас, пытаньне аб пазбаўленьні віду на жыхарства разглядаецца ў кожным выпадку індывідуальна.
Эстонія не дапускае другога грамадзянства, таксама з краіны ня маюць намеру высылаць тых, хто ўжо мае расейскі пашпарт, і іх дзяцей. Такім чынам, гаворка ідзе аб «былых грамадзянах СССР», якія так і не атрымалі іншага грамадзянства.
Па стане на студзень 2023 года такіх у краіне было больш за 64 тысячы чалавек, або 4,7% насельніцтва.