Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі ў аршанскую калонію
Дзмітрый утрымліваецца ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны невядомыя.
Палітзняволенага Дзмітрыя Сушчыка перавялі ў аршанскую калонію №8. Цяпер ён утрымліваецца ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны невядомыя, інфармуе ПЦ Вясна.
Вядома, што ў судзе Ленінскага раёна Гародні ў жніўні разглядалі новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя. Гэтым разам яго абвінавацілі ў нібыта «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі турмы”.
Суддзя Наталля Козел прызнала яго вінаватым і прызначыла ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі.
Дзмітрый мусіў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту.