Дзяячка з Берасцейшчыны: Адзіная надзея — нашыя дзеці
Сыходзіць у гісторыю 2023 год. «Для Беларусі апошнія тры гады, што адзін» – гэтак мяркуе грамадская дзяячка з Берасцейшчыны.
Паводле яе назіранняў, тры гады афіцыйны Менск трымае грамадства пад ціскам, тры гады спаўзання эканомікі ўніз, тры гады ствараецца ілюзія міра і адзінства ўнутры краіны.
Але ёсць моцная надзея:
— Пазітыўных вынікаў няшмат. Шмат негатыўных вынікаў размежавання грамадства, варожасць, разбурэнне нейкіх асноў грамадскага дабрабыту, эканоміка, якая знаходзіцца ў нейкім глыбокім беспрасветным падзенні. Надзея толькі адна – падрастаюць дзеці. І нягледзячы на тое, наколькі актыўна ім спрабуюць прамываць у адукацыйных установах мазгі, дзеці думаюць, дзеці светлыя, дзеці актыўныя. І з кожным днём яны становяцца старэйшымі. Гэта нашая надзея.
Грамадская дзяячка ўпэўненая, што выпрабаванні і пакуты выпалі краіне не выпадкова. Бо гэта прымушае грамадства пераасэнсоўваць свае жыццё і больш разумець такія каштоўнасці, як дзяржаўнасць і незалежнасць.
Беларускае Радыё Рацыя