Пад Гомелем ушанавалі памяць Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызьнеўскага
22 студзеня на могілках каля вёскі Знамя Працы ў Гомельскім раёне актывісты апазыцыйных партый і грамадзкіх абʼяднаньняў і рухаў зь Менска, Сьветлагорска, Бабруйска і Гомеля ўшанавалі памяць пахаванага тут беларуса Міхаіла Жызьнеўскага.
Чалец украінскай арганізацыі УНА-УНСО гамяльчанін Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной зь першых ахвяр супрацьстаяньня з сілавікамі.
У ходзе жалобнага мерапрыемства пад Гомелем бацька загінулага Міхаіл Жызьнеўскі адзначыў, што яго сын загінуў за свабоду ня толькі Украіны, але і Беларусі.
Бацька Міхала Жызьнеўскага
«А чаго ж захацелася ім — пагарджаным век, сьляпым, глухім? Людзьмі звацца. Вось за гэта змагаліся на Майдане. Так і сёньня хочацца сказаць, што мы ня быдла, як нас лічыць улада, а народ», — заявіў Жызьнеўскі.