Прэзыдэнт Польшчы прыехаў ва Ўкраіну і назваў «этнічнай чысткай» забойства палякаў на Валыні
Паводле слоў Дуды, «гэта сумная дата для многіх польскіх сем’яў, якія ў 1942, 1943, 1944 гадах страцілі на Валыні сваіх блізкіх».
«Лічыцца, што тут былі забітыя каля 100 тысяч палякаў — не салдат, а простых людзей, сялян, якія працавалі на зямлі, цэлых сем’яў, жанчын, дзяцей, старых», — адзначыў Анджэй Дуда падчас наведваньня могілак, дзе пахаваныя ахвяры тых падзей.
Прэзыдэнт Польшчы сказаў, што паміж Польшчай і Ўкраінай не было вайны. Паводле яго ацэнкі, «гэта была звычайная этнічная чыстка».
«Гаворка ішла пра тое, каб прыбраць палякаў з тых тэрыторый», — нагадаў ён. «Такія рашэньні тады былі прынятыя на палітычным узроўні ўкраінскай арганізацыяй АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў), а выкананьне было даручана УПА (Украінскай паўстанцкай арміі), якая, на жаль, выканала сваю задачу», — цытуе Дуду польскае агенцтва PAP.
У Польшчы 11 ліпеня адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў генацыду, зьдзейсьненага украінскімі нацыяналістамі супраць палякаў.
Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка ў нядзелю наведаў Польшчу — сяло Сагрынь Грубэшаўскага павета Люблінскага ваяводзтва і адкрыў мэмарыял у памяць украінцаў, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны. Парашэнка заклікаў украінцаў і палякаў да ўзаемнага дараваньня.
У рамках свайго візыту ва Ўкраіну прэзыдэнт Польшчы наведае вёску Оліка, дзе знаходзіцца замак сям’і Радзівілаў. Цяпер там знаходзіцца абласная псыхіятрычная бальніца. Таксама Дуда наведае старыя каталіцкія могілкі.
Паводле словаў віцэ-консула Генэральнага консульства Польшчы ў Луцку Марэка Запуры, візыт прэзыдэнта Дуды ў Луцк носіць прыватны характар.
У лютым 1943 года ўкраінскія нацыяналісты пачалі акцыю па зьнішчэнні польскага насельніцтва Валыні. Асаблівай жорсткасьці гэтыя падзеі дасягнулі ў ліпені 1943 году, калі адбыліся напады на польскія вёскі, у выніку чаго загінулі каля 100 тысяч чалавек. У Польшчы трагедыю на Валыні лічаць разьнёй і генацыдам.