Памёр вядомы перакладчык з Берасця Яўген Бяласін
10 сакавіка ў шпіталі, пасля ўскладненняў, выкліканых каронавірусам, на 68 годзе жыцця памёр Яўген Бяласін - беларускі германіст, перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч з Берасця.
Пра смерць Яўгена Балясіна паведаміў у сваім Фэйсбуку грамадскі дзеяч з Берасця Ігар Бараноўскі.
„Сумная і зусім нечаканая навіна. Сёння ўвечары, 10 сакавіка, у шпіталі, пасля ўскладненняў, выкліканых каронавірусам, на 68 годзе жыцця памёр Яўген Бяласін – беларускі германіст, перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч з Берасця.
Яўген Бяласін нарадзіўся 9 чэрвеня 1954 года ў вёсцы Грынявічы Свіслацкага раёну Гарадзенскай вобласці БССР.
Скончыў Менскі інстытут замежных моў. 20 гадоў, да палітычна матываванага звальнення ў 2001 годзе, адпрацаваў у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце выкладчыкам германістыкі (нямецкая мова і спадарожныя курсы). З гэтага часу працаваў як перакладчык і журналіст.
З канца 1980-х гадоў Яўген Бяласін быў актывістам адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Берасці. У канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў узначальваў Берасцейскую гарадскую Раду БНФ. У 90-ыя – дырэктар Берасцейскай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, кіраваў беларускім вечаровым ліцэем пры ім.
Супрацоўнічаў з газетамі „Брестский курьер”, „Новы час” і іншымі незалежнымі СМІ. Вядомы як эсэіст, аўтар соцень публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.
Перакладаў не толькі з нямецкай, але таксама з ангельскай і польскай моваў ды з розных моваў на нямецкую. У суаўтарстве з Лявонам Баршчэўскім Яўген Бяласін падрыхтаваў і выдаў „Кароткую граматыку нямецкай мовы”.
Аўтар шматлікіх перакладных і ўласных кніг. Перакладаў пераважна нямецкамоўную класіку.